Беларускiя воi пад Альгердавым кiраўнiцтвам даходзiлi да Масквы тройчы - у 1368, 1370 i 1372 гг. "Хронiка Быхаўца" паведамляе, што князь маскоўскi Дзмiтрый Iванавiч без бачных прычын парушыў прыязненыя адносiны з Альгердам. Ён прыслаў пасла, якi перадаў падарункi, шаблю i агонь са словамi: "Буду ў зямлi тваёй па краснай вясне, па цiхаму лету..." У адказ Альгерд быццам бы запалiў агнiвам лучыну, даў яе паслу i адказаў: "Дай гэта гаспадзiну свайму i скажы, што ў Лiтве агонь ёсць, калi ён хоча быць у зямлi маёй па краснай вясне i па цiхаму лету. А я, дасць Божа, буду ў яго на Пасху i пацалую яго чырвоным яйкам - скрозь шчыт сулiцаю i з Боскай дапамогаю да ягонага горада Масквы дзiду прыткну". I сапраўды, на Пасху ранiцай, распусцiўшы харугвы, ваяры Альгерда з'явiлiсь пад сценамi Масквы. Падчас паходаў, узяўшы з маскоўскага князя Дзмiтрыя Iванавiча (пазней названага Данскiм) вялiкi выкуп - як сведчыць летапiс, "дары многiя, незлiчона золата, серабра, жэмчугу, сабалёў", сказаў векапомныя словы: "Хоць я з табой i памiрыўся, але хачу яшчэ тую славу сабе ўчынiць, што вялiкi князь Альгерд дзiду сваю пад Масквою прыкланiў". I, сеўшы на каня, пад'ехаў да гарадской сцяны i прыставiў да яе дзiду, сiмвалiзуючы тым поўную перамогу. Ад'язжаючы, Альгерд крыкнуў: "Княжа вялiкi маскоўскi, памятай, што дзiда лiтоўская стаяла пад Масквою".