Нефармальны беларус



Ці звонка сьвісьне пугаўё,

Ці вольны вецер загуляе,

Мы слова роднае сваё

На поўны голас вымаўляем.



Сьмяюцца з пылам у вачах,

Маўчаць сумліўцы ў паняверцы.

А шал на зрадніцкіх лычах

У наступ кліча нашы сэрцы.



Няхай ману разносіць хлус, хай хлус...

Няхай стукач шукае змову.

Я нефармальны беларус, я — беларус,

А вы, навокал, хто вы?



Стагодзьдзі гледзяць нам усьлед,

І мы свой позірк не хаваем,

На папялішчах даўніх бед

Мы сёньня памяць засяваем.



Каб адрадзіць і захаваць

Усё, чым трызьняць ліхадзеі:

Бязроднік — з мэтай зруйнаваць,

А здраднік нават пыл развеяць.



Звыроднік пашпарт валачэ...

Ці нам прыпадабняцца гнюсу?!

Адзнака ў пашпарце яшчэ

Ня права звацца беларусам!



Па гэтай годнасьці сьвятой

Згадайма мову, памяць, веру,

Навечна варты толькі той,

Хто беларус і без паперы!



Няхай ману разносіць хлус, хай хлус...

Няхай стукач шукае змову.

Я нефармальны беларус, я — беларус,

А вы, навокал, хто вы?


(с) Сяржук Сокалаў-Воюш